Барока | Wir.by
Калі Рэнесанс паказвае чалавека ідэальным, то Барока паказвае чалавека такім, якім ён ёсць.

Эпоха, у якой корань беларускай расцярушанасці, спрэчкі між каталікамі, праваслаўнымі і ўніятамі і манах, які прывозіць у Маскву небяспечныя веды і нармальную паэзію.

А яшчэ езуіты на Беларусі, першая ВНУ і чаму «рускія» – гэта праваслаўныя, «палякі» – гэта каталікі.

Здавалася б, прычым тут Купала?
niekraszevicz-karotkaja
Жанна Некрашэвіч-Кароткая

Барока

Гэта 3 частка цыкла
Старажытнабеларуская літаратура
1. Сярэднявечча
2. Рэнесанс
3. Барока
4. Асветніцтва

Барока на Беларусі збліжаецца з еўрапейскім барока па часе, таму што еўрапейскае барока — гэта пераважна другая палова XVI стагоддзя, і ў нас ужо ў 80-х гадах XVI стагоддзя барока спадарожнічае Рэнесансу, пераплятаюцца рэнесансныя і барочныя тэндэнцыі. Перадусім гэта назіраецца ў лацінамоўнай паэзіі. У гэты час з’яўляецца больш за ўсё лацінамоўных твораў, напрыклад, «Радзівіліяда», гераічны эпас Вялікага Княства Літоўскага. Трэба адзначыць, што менавіта ў эпоху барока асабліва выразна заўважаецца супрацьстаянне дзвюх асноўных традыцый, звязаных з нашымі дзвюма асноўнымі канфесіямі, праваслаўем і каталіцызмам.

Каталіцкая культурная парадыгма развіваецца паводле заходнееўрапейскай мадэлі, і тут вялікае значэнне мела тое, што ў 1570 г. была адкрыта Віленская езуіцкая калегія. У 1579 г. яна была рэарганізавана ў акадэмію, а ў 1580 г. кароль Стэфан Баторый сваім прывілеем зацвярджае існаванне гэтай акадэміі юрыдычна. Мы атрымліваем першую вышэйшую навучальную ўстанову, і не трэба думаць, што ў ёй вучыліся толькі каталікі. Дзеці з праваслаўных сямей таксама мелі магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю менавіта ў езуітаў. Гэта была адукацыя паводле еўрапейскіх узораў, і гэта вызначыла многія тэндэнцыі ў развіцці прыгожага пісьменства: у нас развіваецца вытанчаная паэзія — зноў жа, паводле еўрапейскіх узораў. Але трэба памятаць, што заставалася і другая культурная парадыгма, звязаная з праваслаўем, і тут трэба ўсведамляць спецыфіку гэтай парадыгмы. Пра гэта вельмі добра пісаў яшчэ ў XIX стагоддзі расійскі літаратуразнавец Пякарскі. Ён прыводзіў адзін з помнікаў канца XVII стагоддзя, калі ў Маскву прыехаў наш Сімяон Полацкі. У гэтым помніку была выказаная такая перасцярога: маўляў, прыязджаюць да нас у Маскву многія, якія вучыліся ў Рыме і ў Польшчы, і прывозяць з сабой нейкія небяспечныя веды, а «довольно бо есть православная вера ко спасению, и не подобает верным прельщатися чрез философию и суетную прелесть».

І, канешне, менавіта ў гэтым рэчышчы мы павінны разглядаць працэсы, якія звязаны з Брэсцкай царкоўнай уніяй 1596 г. Менавіта ў гэтую эпоху закладаецца аснова той дылемы, якую цудоўна паказаў Купала ў сваіх «Тутэйшых»: хто мы, рускія ці палякі? Частка беларусаў лічыць сябе рускімі, частка — палякамі. «Рускія» — гэта праваслаўныя, «палякі» — гэта каталікі. Дзве гэтыя літаратурныя і культурныя плыні існуюць паралельна, яны ніяк не супрацоўнічаюць і не перакрыжоўваюцца.

Дык што такое наогул барока? Калі Рэнесанс паказваў чалавека такім, якім ён павінен быць, паказваў ідэал, да якога трэба імкнуцца, то барока паказвала чалавека такім, якім ён ёсць — супярэчным. Барока вельмі эмацыйнае, а калі мы ў такім эмацыйным стане, пра што мы найперш думаем? Пра тое, што мы, на жаль, памром. Адсюль memento mori, «памятай пра смерць», гэтым матывам прасякнутыя многія творы эпохі барока. Адсюль discordia concors, «спалучэнне неспалучальнага», таму што чалавек такі і ёсць: у ім спалучаюцца каханне і нянавісць, гнеў і спагада.

Барока плаўна пераходзіць з XVII стагоддзя ў XVIII, гэта даволі доўгая ў нас эпоха, і ў першай палове XVIII стагоддзя гэта ўжо позняе барока. Але, канешне, яшчэ ў канцы XVII стагоддзя трэба асобна вылучыць фігуру Сімяона Полацкага. Гэта быў проста геніяльны для свайго часу чалавек, таму што ён прыжыўся ў Маскоўскай Русі, будучы з ордэна базыльянаў, будучы носьбітам той самай лацінскай кніжнасці, да якой вельмі насцярожана ставіліся ў Маскоўскай Русі. Тым не менш ён не быў пакараны смерцю. Наадварот, ён дабіўся поспеху, і дзякуючы Сімяону Полацкаму ў Маскоўскай Русі нараджаецца сапраўдная, нармальная паэзія, таму што тое, што было да гэтага, чытаць немагчыма — гэта не вершы.

Барока ў літаратуры надзвычай разнастайнае. У першую чаргу ў нашай літаратуры яно шматмоўнае і шматжанравае. У XVIII стагоддзі, у часы позняга барока, мы назіраем бурнае развіццё ўсіх жанраў, перадусім паэзіі на розных мовах. У XVIII стагоддзі існуе ў рукапіснай форме і беларускамоўная паэзія, але побач з гэтым працягваецца старая традыцыя, звязаная з польскамоўным і лацінамоўным пісьменствам. Канешне, у сувязі з рэлігійнымі праблемамі багата прадстаўлена палемічная літаратура — вельмі спецыфічная, якую цяжка чытаць сучаснаму чалавеку, але яна дае гісторыкам шмат для разумення нашай ментальнасці, нашай ідэнтычнасці. Менавіта ў гэтай эпосе трэба шукаць корань нашай культурнай, канфесійнай, этнічнай расцярушанасці. Прадстаўнікамі літаратуры эпохі барока былі вельмі розныя пісьменнікі. Канешне, калі гэта была палемічная літаратура — палеміка паміж праваслаўнымі і ўніятамі, паміж праваслаўнымі і каталікамі, — то ўдзельнічалі ў ёй рэлігійныя пісьменнікі, суровыя святары ў адпаведных строях, і пра жанчын там не магло быць і гаворкі. А ўжо ў XVIII стагоддзі ў літаратуры з’яўляюцца свецкія людзі. У нашай літаратуры нарэшце з’яўляецца жанчына, Францішка Уршуля Радзівіл, але пра яе лепш гаварыць ужо ў кантэксце наступнай эпохі.

У літаратуры эпохі барока праблематызуюцца многія вельмі важныя рэчы: з аднаго боку, з’яўляецца паняцце адшчапенца, і гэта мае дачыненне таксама да рэлігійнай палемікі. З іншага боку, у эпоху барока назіраецца вялікая цікавасць да гісторыі, і менавіта ў гэты час, на мяжы Рэнесансу і барока, узнікае «Хроніка» Мацея Стрыйкоўскага, вельмі важны гістарычны трактат на польскай мове. А ўжо ў сярэдзіне XVII стагоддзя на лацінскай мове з’яўляецца «Гісторыя Літвы» Альберта Віюка-Каяловіча, рэктара Віленскай езуіцкай акадэміі — першая спроба гістарыяграфіі з пазіцыі Вялікага Княства Літоўскага.

Гісторыя
Літаратура
Беларусь
Рэч Паспалітая
Барока
Сімяон Полацкі
Янка Купала
Гісторыя Францыска Скарыны
Гісторыя Францыска Скарыны
Уявіце: Мікола Гусоўскі скончвае штодзённую працу над «Песняй пра зубра» і ідзе зірнуць на галоўную навінку ў свеце мастацтва — «Сіксцінскую Мадонну» Рафаэля, а Францыск Скарына перакладае «Псалтыр» пад гук малатка Марціна Лютэра і адпраўляецца праводзіць караблі Фернана Магелана. У адным з сусветаў усё гэта магло адбыцца, бо ўсе гэтыя людзі жылі ў адзін час! 6 жніўня 1517 года Францыск Скарына друкуе кнігу «Псалтыр» ва ўласным перакладзе. Гэта адначасова і бунт, і прарыў, і поўнае замацаванне Рэнесансу на Беларусі. Беларусы аднымі з першых у свеце маюць пераклад галоўнай еўрапейскай кнігі — Бібліі. У гэты ж час у Еўропе пачынаецца Рэфармацыя, канкістадоры высаджваюцца ў Мексіцы, маскоўскія войскі бяруць у аблогу Полацк, а Фернан Магелан распачынае кругасветнае падарожжа. У нашым новым матэрыяле — таймлайн жыцця Францыска Скарыны і найважнейшыя падзеі, якія адбываюцца ў сусветнай гісторыі ў той жа час.
Чытаць артыкул