Чым пах дарэвалюцыйны Менск? | Wir.by
Мінск (або ўсё ж такі Менск?) — горад з дваістай, няўлоўнай сутнасцю, бо яго аблічча пастаянна змяняецца: яго руйнавалі, перабудоўвалі, перадавалі з рук у рукі, ён гаварыў на самых розных мовах. Чалавек з ХІХ стагоддзя, апынуўшыся тут і цяпер, з цяжкасцю пазнаў бы Мінск, а нашы сучаснікі згубіліся б у горадзе канца ХІХ стагоддзя. У гэтым артыкуле паспрабуем перанесціся ў часе ды ўявіць сабе карціну дарэвалюцыйнага губернскага горада Менска з дапамогай самага моцнага каталізатара ўспамінаў — пахаў.
Чым пах дарэвалюцыйны Менск?

Чым пах дарэвалюцыйны Менск?

Вугалем

У ХІХ стагоддзі ў Менску пачала імкліва будавацца чыгунка. Пачаткам лічыцца 1862 год, калі быў створаны ўчастак Пецярбургска-Варшаўскай магістралі. «З пабудовай у 1860-я гады Рыга-Арлоўскай, у 1870-я гады Маскоўска-Брэсцкай і Лібава-Роменскай, у 1880-я гады Палескай і ў 1902 годзе Пецярбургска-Адэскай чыгунак іх даўжыня на тэрыторыі Беларусі склала 3000 км. Чыгуначная сетка на тэрыторыі Беларусі была адной з самых густых у Расійскай імперыі». Гэта прывяло да росту насельніцтва Менска, паўплывала на развіццё эканомікі і нават на геаграфію горада. Койданава-Раманаўская вуліца, якая злучала цэнтр з Брэсцкім вакзалам, змяніла назву на Нова-Маскоўскую; узвядзенне Віленскага вакзала стала прычынай закрыцця яўрэйскіх могілак на паўднёва-заходняй ускраіне горада і адкрыцця новых на заходняй; засяленне прадмесця Грушаўка працоўнымі і служачымі Маскоўска-Брэсцкай чыгункі прывяло да ўзнікнення там вуліц Кандуктарскай і Пакгаўзнай.

Для патрэб чыгункі былі адкрытыя профільныя навучальныя установы — першыя пасля знішчэння Віленскага ўніверсітэта і Горы-Горацкага земляробчага інстытута. Два тэхнічныя чыгуначныя вучылішчы з’явіліся ў нас амаль адначасова: 15 верасня 1878 года на станцыі Менск Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, 20 кастрычніка 1878 — на станцыі Гомель Лібава-Роменскай чыгункі. Тут рыхтавалі машыністаў, дарожных майстроў і тэлеграфістаў.

image.pngБрэсцкі вакзал (minsk-old-new.com)

Хлебам

У горадзе было некалькі хлебапякарняў і цукерняў, у адной з іх нават працаваў Адам Багдановіч, які пазней успамінаў: «У той час лепшая цукерня належала немцу Тырману на Турэмнай вуліцы. Бацька пайшоў да яго і закантрактаваў мяне ў вывучку на 5 гадоў. Звычайны тэрмін. Я быў адзіным вучнем. Былі толькі два майстры і два „вартавыя“: яны нічога не вартавалі, а проста былі падручнмі рабочымі для брудных работ». Адам Ягоравіч пратрымаўся там толькі два тыдні.

image.pngЗ архіва Вадзіма Зелянкова

У цукерні Ф. Вянгржэцкага, якая месцілася на рагу Захар’еўскай і Петрапалаўскай, прадаваліся тарты, пячэнне, цукеркі, пернікі, шакалад, кексы і таямнічыя, загадкавыя для нашых сучаснікаў піраміды.

Памыямі

Каналізацыя — адзін з галоўных здабыткаў цывілізацыі. Гэта зразумеў бы кожны сучасны менчук, які цудам апынуўся б у Менску мінуўшчыны. Па вуліцах, на якіх ўзвышаліся выкшталцоныя дамы, цяклі рэкі памыяў. Шмат хто не меў хатніх прыбіральняў, а ў горадзе іх было ўсяго дзве: каля гарадскога тэатра і ў Губернатарскім садзе. Нібы ў Сярэднявеччы, у губернскім горадзе пачатку ХХ стагоддзя жыхары вылівалі памыі ў Свіслач і яе прыток, невялічкі ручай Няміга, дзе замест вады цякла брудная, смярдзючая вадкасць. «Выдаленне нечыстот ажыццяўлялася асенізацыйным абозам гарадскога ўпраўлення і прыватнымі асобамі, а на ўскраінах — самімі жыхарамі». Праца асенізацыйнага абозу вялася абы-як: «Так, у 1897 годзе абозу неабходна было вывезці 83 950 бочак нечыстот, а ён вывез толькі 17 795». Ездзячы па гарадскіх вуліцах, абозы яшчэ больш разносілі смурод, бо адкіды з бочак часта выцякалі. Асабліва кепска было з турэмным абозам, які працаваў выключна днём. Не дапамаглі і калодзежы-паглынальнікі, якія капаліся ў аддаленых ад Свіслачы і Нямігі мясцінах.

image.pngВываз смецця (mosvodokanal.ru)

Гноем

«Гужавы транспарт да канца ХІХ ст. быў адзiным сродкам перамяшчэння па грунтовых i шашэйных дарогах». Ён дапамагаў не толькі ў перавозцы пасажыраў, але і ў дастаўцы грузаў. Перавозка была дастаткова дарагой: у летнi час кошт быў прыкладна ў 6 разоў вышэйшы, чым параходамi, i ў 12 разоў большы за сплаў. На пачатку ХХ ст. ламавых рамізнікаў, так званых вазюраў, у Менску налічвалася каля 400 (гэта без уліку рабочых прадпрыемстваў, якія займаліся перавозкай грузаў па службе).

10 траўня 1892 года адкрылася менская конка. Яна карысталася такой папулярнасцю, што за першыя дні існавання паспела перавезці пятую частку гарадскога насельніцтва. Конка звязвала чыгуначныя вакзалы, а таксама ўскраіны з цэнтрам — Губернатарскай вуліцай, уключаючы Саборную плошчу і бліжэйшыя ўчасткі Захар’еўскай. Менчукі любілі конку, яна ратавала аматараў затрымлівацца да ночы (круглы год працавала да 11 гадзін), а да таго ж каштавала вельмі мала ў параўнанні з рамізніцкай таксай: 3-4 капейкі да 1896 года і 5-6 у перадваенны перыяд, а паслугі фурманаў у 1905 годзе каштавалі 15 капеек у цэнтры горада, ад цэнтра да Віленскага вакзала — 30, ад Камароўкі да Брэсцкага вакзала — усе 55.

image.pngКонка ў 1915 годзе. «Мінск: Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада»

Рыбай і трыбухой

Рынкі былі асноўным месцам, дзе жыхары Менска маглі купіць харчы. Нізкі і Рыбны, што разлягліся каля Кацярынінскай (цяперашняй Петрапалаўскай) царквы, Конскі рынак, а таксама Базар на Траецкай плошчы заўсёды былі поўныя вірлівага натоўпу, так што нават концы даводзілася скрозь яго прабірацца. На жаль, пахі, якія даносіліся ад рынку, не заўсёды былі прыемнымі. На правым беразе Свіслачы мясціліся мясныя рады. Вузкі прагал паміж лаўкамі і ракой займалі гандляры гароднінай, якую раскладалі наўпрост на зямлі. Побач стаялі сталы з трыбухой, далей — цэбры з яшчэ непрамытымі, свежымі вантробамі: «Смярдзючая, зеленавата-чырвоная вадкасць залівала гародніну на зямлі і ручайкамі сцякала адсюль у Свіслач».

image.pngГандлёвыя рады на Ніжнім рынку (planetabelarus.by)

Квітнеючымі дрэвамі

«Менск быў адным з самых зялёных гарадоў Беларускага краю». Гарадскі або Губернатарскі сад быў закладзены ў 1800 годзе губернатарам З. Э. Карнеевым і займаў амаль 18 гектараў. Уладзіслаў Сыракомля ў сваіх падарожных нататках пісаў: «Гэта прыгожая мясціна займае вялізную плошчу — ацяняюць яе высокія густалістыя бярозы і ліпы, утвараючы над шырокімі алеямі такое суцэльнае скляпенне з галля і лісця, што нават у летні пагодны полудзень сонца, толькі дзе-нідзе крадком прадзіраючыся тонкім праменьчыкам усцілае сцежкі ўзорыстым рухомым дываном. Рака Свіслач праплывае пасярэдзіне парку, цудоўныя сенажаці аздабляюць яе берагі; дзе-нідзе дрэвы стаяць купамі, а дзе-нідзе адкрываецца від альбо на прыгожае прадмесце Ляхаўка, альбо на горад ці поле. Памятаем, што ў маленстве нашым бачылі мы тут цудоўныя клумбы кветак, сцежкі былі старанна высыпаныя».

Мясцовая інтэлігенцыя любіла шпацыраваць па Аляксандраўскім скверы, а вось просты народ адпачываў у Саборным скверы (плошча Свабоды), дзе стаяў помнік Аляксандру ІІ.

image.pngАлея кахання ў Губернатарскім садзе (belhistory.com)

Дражджамі

Прамысловасць Менска складалася з машынабудаўнічых і чыгуналіцейных заводаў, тытунёвых фабрык і друкарняў. Шмат якія з іх мелі паравыя катлы. Самыя «пахучыя» прадпрыемствы спецыялізаваліся на вінакурэнні і вытворчасці дражджэй. Найбольш знакаміты сярод іх быў завод «Багемія», заснаваны ў 1894 годзе графам Каралем Чапскім, праз два гады куплены сямействам Лекерт. Прадпрыемства было абсталявана самай сучаснай тэхнікай і мела досыць вялікі поспех: «У 1900 тут працавала 33 рабочыя, было выпушчана тавару на 119,9 тысяч рублёў». Гаспадары мелі 4 вагоны-лядоўні, што дазваляла дастаўляць свежае піва ў Вільню, Беласток, Берасце, Горадню і Бабруйск, дзе ў іх былі склады.

На вуліцы Міхайлаўскай месціўся дрожджа-вінакурны завод Г. Гатоўскага, які ў 1890 годзе даў 3 тысячы пудоў дражджэй, а ў 1895 годзе там пачалі вырабляць спірт.

Драждава-вінакурныя заводы належалі таксама братам Ракаўшчыкам, Яўстафію Любанскаму, М. Урэвічу. Пах дражджэй цяпер можна пачуць у раёне завода «Крышталь». Камусьці ён нагадвае пячэнне пасак на Вялікдзень, камусьці залацісты напой вытворчасці завода «Багемія».

image.pngСтаражоўская вуліца. Леваруч – піваварны завод Лекерт

Крыніцы

  • Богданович А. Е. Я всю жизнь стремился к свету. В 2 кн. Кн. 1. Мои воспоминания., 2012.

  • Канойка А. У. Уплыў транспарту на развіццё пяці паўночназаходніх (Беларускіх) губерняў у 1772-1914 гг. Сацыяльна-эканамічныя і прававыя даследванні., 2017.

  • Киштымов А., Яновская В., Фиринович Е. Чему и как учились в ХIX веке. Транспортный вестник, 17 мая 2012 года.

  • Урванцов С. Медико-санитарный очерк города Минска., 1910.

  • Сацукевич И. На карте Минска. Транспортный вестник, 28 июня 2012.

  • Сосна У. А, Марозава С. В., Паноў С. В. Гісторыя Беларусі (ХІХ-1917), 2005.

  • Сыракомля У. Выбраныя творы. Мінск., 2011.

  • Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця Дарэвалюцыйнага горада., 1994.

Гісторыя
Мінск
Fin de siècle
ХІХ стагоддзе
Наша Ніва