17 жніўня 1942
Іван Мележ
Нашы пакінулі Майкоп. Нафтапромыслы разбурылі, а абсталяванне вывезлі... Усё ж гэта вельмі непрыемная вестка!..
За тыдзень, паведамляецца, збіта 369 нямецкіх самалётаў!.. У Нікалаеве немцы за аднаго кімсьці забітага афіцэра арыштавалі i расстралялі 120 чалавек.
Зрабіў «вылазку» на «волю». Пералез удала, але калі саскочыў, штуршок разверадзіў руку. Давялося сагнуцца i закусіць губы. Насіў руку, як ляльку.
Упершыню пахадзіў на «волі». Праўда, не ведаў, што рабіць з гэтай «воляй». Выпіў віна шклянку, i толькі. Сустракаў знаёмых, са шпіталя. Аднаго-двух парачкамі. У халатах — i парачкамі.
Халат шпітальны тут, як i ў Есентуках, звычайнае адзенне. Але там быў парк, а тут — такі горад, i мне было трохі няёмка. Хоць я цяпер без гіпсу i захінуты дастаткова. Усё ж з-пад халата бялеюць голыя ногі. I шлёпанцы на голых нагах.
Вяртаючыся, сустрэў сваю ўрачыху. Яна строга пакруціла галавой як парушальніку рэжыму. Але дазволіла крыху правесці.
A вярнуўся дамоў праз парадны ўваход.