19 April 1982, Uładzimir Karatkievič | Wir.by

19 April 1982

Uładzimir Karatkievič

Uładzimir Karatkievič

Дні як неба ў хмарах. Цягнуцца некуды і невядома з якой хуткасцю, а ты гэтага не заўважаеш. 6℃. Роўна і бясколерна да абрыдлівасці. Учарашнія гулі дарам мне не абышліся. Я не піраваў, але ўсе піравалі, і таму галава ў мяне цяжкая, як кадоўбец з варам. Можа, лепей бы і піраваў.

Зараз даведаўся, што пасля маёй лютай лаянкі фотаілюстрацыю да майго эсэ пра Кіеў замянілі. Замест мемарыяла (на якім настойваў гігант Далідовіч, які хацеў так нейкім чынам нейтралізаваць уздзеянне самой рэчы і рэакцыю на яе) паставяць Хрышчацік і помнік Багдану Хмяльніцкаму. Гэта таксама не мой Кіеў, не Кіеў маёй маладосці, «Лісцяў каштанаў», вайны, гэтага эсэ.

Хрышчаціцкія «тарты з крэмам» ніколі не любіў. Помнік Багдану [...]. Я [...] нічога не ведаю, ні чарта не чытаў. І пра Мікешына, акрамя таго, што беларус, ды яшчэ, мабыць, і не заўсёды прынцыповы, нічога не ведаю. Але жыццё развіло ўва мне нюх [...]. Богам клянуся і сваёй інтуіцыяй, што гэта павінна было адбывацца так. Чалавек зрабіў фігуру, а вакол яе постаці казака, украінскага, рускага і беларускага селяніна, украінскага Кабзара і лірніка. А пад капытамі шляхціц і езуіт. Апошнія два тут ні да чаго. Ідэю можна перамагчы, але ніяк не папраць нагамі.

Ну, думка ясная. Усе разам перамаглі ворага. І тут з’яўляецца чыноўнік і гэтую ідэю гвалціць, спасылаючыся на перавышэнне бухгалтарскіх коштаў, а значыць, народ трэба прыбраць (па-мойму, калі дзяржава вырашае ставіць помнік, яна не павінна зважаць на сальда-бульда, тым больш за кошт народных постацяў, бо жывыя прадстаўнікі гэтага народа, урэшце, будуць аплочваць усе гэта, і грош цана была б Багдану без казака і лірніка) [...]. Аўтар згаджаецца праз нябачныя свету слёзы. Добра, што гісторыя ўносіць пасля свае карэктывы. На дошцы проста «Багдан Хмяльніцкі», а гэта – усе, што гінулі з ім. Ну ладна, хай ужо гэта. Гэта ўсё ж больш мае, чым задастая баба, якая, невядома чаму, павінна для мяне ўвасабляць Радзіму. У тых, хто яе ўвасабляў, якраз вялікіх задоў не было. Яны не працавалі манекеншчыцамі ў мастакоў і не балаваліся з імі пасля сеансу зярністай ікрой. Ім у падвалах парашу пад ложак спаражнялі, бо турэмшчыкам з СД ім было яе лень выносіць.

А «бедны Генрых» яшчэ кажа, што я адказваю толькі за эсэ, а за ілюстрацыі яны. Я яму сказаў, што ў ілюстрацыях да рэчаў не Беларусь, а суцэльная Чухлама. І падумаў, што хар-рош быў бы Дантэ з карцінкамі ілюстратараў «Плейбоя».